СЕЛЕ́КЦЫЯ РАСЛІН,
тэорыя і практыка стварэння і паляпшэння сартоў і гібрыдаў раслін. Распрацоўвае спосабы ўздзеяння на расліны з мэтай змянення іх спадчынных якасцей у патрэбным кірунку. Звязана з сістэматыкай, марфалогіяй, фізіялогіяй, біяхіміяй раслін і інш. Тэарэт. аснова С.р. — генетыка раслін. Асн. метады С.р.: адбор, гібрыдызацыя, мутагенез, поліплаідыя. Перспектыўны кірунак С.р. — сінтэтычная С.р., заснавана на выкарыстанні з’явы трансгрэсіі (больш моцнае развіццё станоўчых якасцей у патомкаў у параўнанні з бацькоўскімі формамі) у гібрыдаў, што атрыманы скрыжаваннем некалькіх сартоў ці форм. На Беларусі навук. працы па С.р. вядуцца з канца 19 ст. (М.В.Рытаў, А.Семпалоўскі, К.Бяляўскі); планамерныя даследаванні — з 1920-х г. у Бел. аддзяленні Усесаюзнага ін-та раслінаводства, на Бел. с.-г. доследнай станцыі паляводства і інш. Да 1941 створаны бел. сарты і сабраны селекцыйны матэрыял палявых, агароднінных, пладовых і ягадных культур. Праблемамі С.р. займаюцца НДІ генетыкі і цыталогіі, аховы раслін і інш. Нац. агр. АН Беларусі, земляробства і кармоў, бульбаводства, гароднінаводства, пладаводства і інш. Нац. АН Беларусі. Створаны: сарты і гібрыды бульбы, капусты, якія спалучаюць прадукцыйнасць, хваробаўстойлівасць і макс. назапашванне пажыўных рэчываў; нізкарослыя і высокапрадукцыйныя сарты збожжавых культур; скараспелыя кукурузы; лёну і лубіну, устойлівыя да фузарыёзу і інш. Найб. вядомыя сарты бел. С.р.: азімага жыта — Спадчына, Завея-2, Дружба, Белта; ячменю — Жодзінскі-5, Крынічны, Прыма Беларусі, Візіт, Верас, Гонар; трыцікале — Дар Беларусі, Міхась, Мара, Лана; аўса — Вандроўнік; бульбы — Лазурыт, Явар, Скарб, Архідэя, Арбіта, Ласунак, Беларускі-3; лёну — Аршанскі-2; яблыні — Алеся, Антэй і інш. Шматлікія сарты бел. С.р. унесены ў нац. рэестры Расіі, Украіны, краін Балтыі.
З.А.Казлоўская.
т. 14, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)